Арышты пастараў, падпольныя друкарні і лясныя служэньні – гэта гісторыя пратэстанцкага руху на Берасьцейшчыне. Памяць пра пакуты савецкага часу дапамагае вернікам вастрэй адчуваць асалоду ад свабоды веры і свабоднай працы. Рэпартаж Веранікі Дзядок з сусьветна вядомых Альшанаў
Вёска Альшаны на Століншчыне вядомая заможнасьцю. Мясцовыя жартуюць: увесь бюджэт раёну зарабляецца ў Альшанах. Сюды едуць на працу ня толькі зь беспрацоўнага Століна, але і зь Пінску ды нават Берасьця. Нам пашчасьціла яшчэ на выезьдзе зь Пінску: першыя ж спадарожнікі аказаліся альшанцамі і, вядома ж, сябрамі пратэстанцкай грамады. Таму не ўзьнікла ніякіх праблем, калі на паўдарозе машьтна зламалася: спадарожнік выйшаў на дарогу – і ўсе пачалі спыняцца. Бо ўсе ж альшанцы адзін аднаму дапамагаюць. У Альшанах найлепшыя ў Беларусі плянтацыі гуркоў і памідораў. У кожным двары стаіць фура – возяць прадаваць вырашчанае. Сакрэт заможнасьці просты: уся вёска – вернікі. Мне пашанцавала трапіць туды ў дзень хрышчэньня, а для альшанцаў гэта значыць больш за Новы год. Таму дзяўчаты прыбіраюцца ў сьвяточныя сукенкі і туфлі на абцасах.
Сьцяпан Лемяза, ужо амаль 40 гадоў як дыякан, намесьнік пастара альшанскай царквы Хрысьціян веры эвангельскай (пяцідзясятнікаў). Ён памятае яшчэ тыя часы, калі быў ліміт на колькасьць новаахрышчаных: 12 чалавек. А ахвотных было заўжды ўдвая больш.
Хоць за старца,
абы за альшанца
Кожнае набажэнства дырэктар школы на загад раённых уладаў рабіў аблавы на непаўналетніх на сходзе. За гэта Сьцяпана Лемязу і асудзілі. Судовага працэсу не было: не пасьпеў прыехаць на адміністрацыйную камісію, а вырак ужо быў гатовы: 50 рублёў штрафу.
Другім разам ён атрымаў штраф за тое, што начальству ў Маскве стала вядома пра шматлюднасьць хрышчэньняў у Альшанах. Нехта зь сяброў царквы даслаў фатаграфію з хрышчэньня сваім сваякам у Латвіі, аднак фатаздымак трапіў да ўладаў. Тое хрышчэньне было надта шматлюднае, кантраляваць яго прылятаў на верталёце інспэктар па справах рэлігій зь Менску. Часам царква праводзіла недазволеныя хрышчэньні, не папярэджваючы ўлады. Хрысьцілі ўначы, часьцей за ўсё ў верасьні – яшчэ цёпла, але ўжо ня так шмат людзей на возеры.
Дынастыі прэсьвітэраў
Будынак царквы ў Альшанах такі, якому пазайздросьціла б любая менская оуполка. У грамадзе 1300 чалавек, тысяча дзяцей навучаюцца ў нядзельнай школе. У Альшанах людзі з задавальненьнем застаюцца, не імкнучыся ў горад. Тут гуляюць па 30 вясельляў за год. У вёсцы нават ёсьць прымаўка: “Хоць за старца, абы за альшанца”. За старца – г.зн. за жабрака, па-старадаўняму.
Сяргей Лемяза, брат Сьцяпана, тлумачыць посьпех сваёй вёскі: “У нас людзі да зямлі, спрачаюцца за зямлю; у другім месцы не хацелі браць у калгасу зямлю, а тут прасілі ... калгас наш быў 7-мільённы. I ў нас людзі не пераводзяць усё на п’янства”.
На Берасьцейшчыне ёсьць цэлыя дынастыі прэсьвітэраў, Дзям’ян Сабчук працуе прэсьвітэрам у вёсцы Повіць Кобрынскага раёну, а ўсе ягоныя сыны – у іншых цэрквах Берасьцейшчыны: у Дывіне, Ружанах і Глінянцы.
Сыны яшчэ з маленства ведалі, што такое ўціск: іх бацьку неаднаразова штрафавалі за тое, што не дазваляў ім насіць піянерскага гальштуку. Як і ў Альшанах, у Повіці заўжды колькасьць ахвотных пахрысьціцца перавышала дазволеную. Сам Дзям’ян Сабчук хрысьціўся ў 1943 годзе ў часе нямецкай акупацыі.
Тры гады за Эвангельле
Ва ўсёй Берасьцейшчыне 1943 год быў годам вялікіх хрышчэньняў, прыгадвае Васіль Барычэўскі, 80-гадовы колішні пастар царквы Адвэнтыстаў сёмага дня, які таксама хрысьціўся ў 1943 годзе. Ён тлумачыць гэта тым, што тады быў вельмі цяжкі год, набліжаўся фронт, вось-вось мусілі вярнуцца саветы: “Гэты страх яшчэ больш наблізіў нас да чытаньня Бібліі, і мы прынялі хрышчэньне”. У наступным годзе сп. Барычэўскага мабілізавалі ў Чырвоную армію. Ён дайшоў да Бэрліна і вярнуўся назад, стрэліўшы толькі два разы, калі заржавела “карабіна”: пасьля прачысткі трэба было стрэліць у паветра. Васіль Барычэўскі маліўся, каб не надаралася такіх сытуацый, каб трэба было бараніць жыцьцё.
Аднак пазьней нават ягоны ўдзел у вайне не дапамог яму засьцерагчыся ад рэпрэсій, якім падвяргаліся вернікі. У 1974 годзе Васіля судзілі за антысавецкую агітацыю. Пры ператрусе ў ягонай хаце знайшлі друкарку і 10 асобнікаў бюлетэняў для суботняй школы, якія раздавалі вернікам для падрыхтоўкі да разважаньня на набажэнстве. Ён дагэтуль памятае, які разьдзел тады праходзілі; гэта было Эвангельле паводле Яна. Ператрус быў зладжаны адначасова ў многіх сяброў царквы, асудзілі дваіх. Васіль Барычэўскі атрымаў тры гады. Гэта было ў 1974 годзе, а ў 1975 усім удзельнікам вайны была амністыя. Усім, акрамя Барычэўскага: “Той чалавек, які засёк чалавека сякерай, атрымаў амністыю і пайшоў дамоў, а я за тое, што распаўсюджваў свае перакананьні, сядзеў да званка. Як зачыталі ў залі суду прысуд 8 ліпеня 1974-га, так у гэты дзень у 1977 годзе і адпусьцілі”.
Вясельле ў Бярозаўцы
Сям’я Крашчукоў зь Берасьця добра памятае баптысцкія лясныя служэньні, якія адбываліся рэгулярна ў 1983 – 1985 гадах: на фатаздымках у сямейным альбоме – зухаватыя хлопцы на матацыклах.
Многія з тых, хто на фатаздымках, сёньня ў Амэрыцы. Вясельле Крашчукоў сталася вялікай акцыяй непадпарадкаваньня. Яно сьвяткавалася ў вялікім намёце з 500 гасьцямі. Праз узмацняльнікі гучала музыка і казаньні. Міліцыянты спачатку заклікалі вернікаў разысьціся, а потым разбурылі намёт і разабралі апаратуру. Райвыканкам хацеў пазбавіць іх зямельнага ўчастка, але потым толькі абавязаў пабудаваць дом на працягу году. Цяпер на гэтай вуліцы ў берасьцейскім пасёлку Бярозаўка амаль усе катэджы належапь вернікам з розных цэркваў. А перашкоды падчас вясельля, кажуць гаспадары, толькі ўмацавалі іх сям’ю. Паленьні рэлігійных кніг, сфабрыкаваныя справы супраць пастараў, падпольныя друкарні і лясныя служэньні – гэта гісторыя пратэстанцкага руху на Берасьцейшчыне. Нібы цэмэнт, яна легла ў фундамэнт этыкі цяперашніх пратэстантаў – самае заможнае рэлігійнае групы ў Беларусі.
Пры канцы 1980-х гадоў на Берасьцейшчыне знаходзіліся 60% усіх беларускіх грамадаў адвэнтыстаў, больш за палову суполак пяцідзясятнікаў і больш як 32% усіх рэлігійных аб'яднаньняў.
3 кнігі П. Удавічэнкі “Чаму навучаюць верніка ў сэктах”. Менск, 1965:
У Кобрынскім раёне вернікі адмовіліся ад грамадзка карыснай працы, у Давыд-Гарадку ня выйшлі на працу ў рэлігійнае сьвята,
Невыпадкова, напрыклад, тры чвэрці сяброў баптысцкай суполкі вёскі Альшаны Берасьцейскай вобласьці ня выпрацавалі ў 1959 годзе ўстаноўленага ў калгасе мінімуму працадзён.
Калі Вы маеце інфармацыю аб гісторыі пратэстанцкага руху ў Беларусі і жадаеце дапамагчы ў стварэньні фільму на гэту тэму, зьвяртайцеся на адрэсу christinfo@tut.by.