Мы зьвяртаемся да вас, хрысьціяне: праваслаўныя, католікі, эвангельскія хрысьціяне, а таксама ўсе людзі добрага сумленьня. У сёньняшні час, няпросты для Беларусі, нам трэба аб’яднацца для паста і малітвы, - каб прасіць Божай міласьці для аздараўленьня нашай нацыі.
Час сапраўды складаны. “І суд адступіў назад, і праўда стала здалёку, бо ісьціна спатыкнулася на плошчы, і сумленнасьць ня можа ўвайсьці. І ня стала ісьціны, і той, хто бяжыць ад зла, падпадае пад зьнявагу. І Госпад убачыў гэта, і агідна было вачам Яго, што няма суду” (Ісая 59:14-16).
Лік разводаў перавышае лік шлюбаў, кожнае чацьвертае дзіця нараджаецца па-за шлюбам, амаль кожны трэці мужчына схільны да алькагалізму, у адносінах паміж людзьмі пануюць злоба, хамства і хлусьня. Многія хрысьціянскія сьвятыні зьняважаныя, а хрысьціянаў караюць за малітву ля іх сьценаў. Цемра атэізму, неапаганства, бязглуздага спажывецтва, агрэсіўнага эгаізма ахутала краіну.
Аднак, “шмат можа ўзмоцненая малітва праведнага” (Якуба 5:16). Менавіта Госпад, сапраўдны Творца гісторыі, можа даць Сваю, так неабходную нам дапамогу, - калі знойдуцца верныя, гатовыя стаць цьвёрда ў малітве за сваю краіну.
Для гэтага давайце разглядаць кожную пятніцу як дзень усеагульнага зьмірэньня, паста і малітвы.
У гэты дзень, штопятніцы, а 20.00 вечара зьвернем нашыя сэрцы да Магутнага Бога і ў адзінстве ўзьнясем малітвы аб міласьці і ласцы для нашай нацыі. Прадметам нашых асаблівых, найбольш старанных малітваў мусяць стаць просьбы аб тым, каб праўда і справядлівасьць узялі верх на нашай зямлі, а ўсялякае беззаконьне было асаромлена.
Нашае грамадзтва стамілася ад бязьвер’я, абыякавасьці і страху. Мы хочам, каб стандартам чалавечых узаемадачыненьняў – ад найвышэйшых уладаў да самых бедных і непрыкметных грамадзянаў – стала ўзаемная павага, еднасьць у Духу Сьвятым, а арыенцірам – Дзесяць Прыказаньняў Божых, правераных часам і гісторыяй.
Таму мы прапануем усім людзям, вернікам розных канфэсіяў, праводзіць гэты дзень згодна з прынятымі формамі іх веравызнаньня, каб аб’яднаная наша малітва была пачутая Госпадам і прынесла дабраславеньне, ісьціну і свабоду ў нашу краіну.
Як напісана ў Слове Божым: “І зьмірыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць маліцца, і пачнуць шукаць аблічча Майго, і зьвернуць з кепскіх шляхоў сваіх, … то Я пачую з нябёсаў і прабачу грахі іхныя, і аздараўлю зямлю іх” (2 Кніга Хронік 7:14)
Будзем маліцца за Беларусь!